У Кастрычніцкім раёне адбыліся сустрэчы з насельніцтвам па пытаннях бяспекі жыццядзейнасці. З жыхарамі паразмаўлялі работнікі раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях і работнікі жыллёва-камунальнай гаспадаркі.
У час размоў нагадалі грамадзянам аб асноўных правілах пажарнай бяспекі і прывялі прыклады апошніх пажараў у рэспубліцы, горадзе і раёне. Таксама былі закрануты і абмеркаваны правілы пажарнай бяспекі ў побыце. Работнікі РАНС нагадалі прысутным правілы карыстання электрапрыборамі, газавымі ўстаноўкамі, расказалі, як не дапусціць пажаранебяспечных сітуацый пры курэнні.
- Не пакідайце і не кідайце непатушаныя цыгарэты і запалкі, пераканайцеся, што яны не стануць прычынай пажару. Недапушчальна курэнне ў ложку, асабліва ў стане алкагольнага ап'янення, - засяродзілі ўвагу ратавальнікі.
Закранулі і актуальную тэму дзіцячай бяспекі, заклікаўшы бацькоў, бабуль і дзядуляў пастаянна сачыць за сваімі малымі, не пакідаць дзяцей адных.
Для асабістай бяспекі прадстаўнікі МНС усім рэкамендавалі ўстанавіць у доме аўтаномныя пажарныя апавяшчальнікі, дзякуючы якім можна не толькі выратаваць матэрыяльныя каштоўнасці, але і, самае галоўнае, жыццё. На заканчэнне сустрэчы адказалі на ўсе пытанні жыхароў і ўручылі кожнаму тэматычныя буклеты.
